ДАЛЁКАЎСХО́ДНІ MAPCKÍ ЗАПАВЕ́ДНІК У зал. Пятра Вялікага, у Прыморскім краі Расійскай Федэрацыі. Засн. ў 1978 з мэтай захавання каштоўных відаў шэльфа Японскага м. (каля 250 відаў рыб, шматлікія беспазваночныя, каля 800 відаў водарасцей). Пл. больш за 64 тыс. га, у т.л. каля 63 тыс. га акваторыі. Уваходзіць 9 астравоў, 3 асн. ўчасткі. Архіпелаг Рымскага-Корсакава — зона поўнай запаведнасці, зал. Пасьета і в-аў Фуругельма — участак узнаўлення (аквакультура трэпанга, грабеньчыка, гіганцкай вустрыцы), в-аў Папова — музей прыроды мора і яе аховы.

т. 6, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)